З’явіўся новы падкаст на беларускай мове: «За мяжой» цікава будзе паслухаць усім, хто апынуўся далёка ад родных завулкаў, кавярань ды таполяў.
Тэма першага выпуску – тая яшчэ актуалачка: «Чаму мы ныем і як (не) вывозім». Аўтаркі шоу дзеляцца тут гісторыямі свайго пераезду за мяжу і важнымі асабістымі гісторыямі, якія здарыліся з імі ў замежжы, абмяркоўваюць феномен беларускага ныцця і падказваюць слухач_кам лайфхакі, якія, верагодна, дапамогуць камусьці падаслаць саломкі.
За мікрафонамі – журналісткі Дар’я Гардзейчык (якую ты можаш ведаць па падкастах «Гісторыя беларускага сэксу» і «Утульны горад») і Аксана Дабрыянец (вядзе праект «Дзяцінства ў эміграцыі»), культурная дзяячка Аляксандра Гушча. Дзяўчыны падкрэсліваюць, што яны феміністкі, таму слухач_кі шоу не рызыкуюць напароцца на дыскрымінацыйны жарт. Падкастаркі кажуць, што арыентаваныя на жаночую* аўдыторыю, але «радыя вітаць» і людзей з іншымі досведамі сацыялізацыі.
«Мы з каляжанкамі прыдумалі гэты падкаст, бо мы мігранткі, і ў нас ёсць праблемы, — піша ў інстаграм Дар’я. — …я некалькі разоў наведвала групы псіхалагічнай падтрымкі, і ведаю, як цябе адпускае, калі разумееш, што ты не адна такая паламаная ў свеце, а вас шмат. Таму я веру, што наш праект можа стаць такой пляцоўкай узаемнай падтрымкі, валідацыі, і адчування, што гэта не мы паламаныя, а гэта аб’ектыўна гамон». Аксана абазначае сваю матывацыю так: «Мне вельмі пашчасціла ствараць гэты падкаст з маімі каляжанкамі, таму што тут я маю магчымасць зрабіць бачнымі праблемы жанчын у эміграцыі, якія самі выхоўваюць сваіх дзяцей. Развеяць думкі аб тым, што дэпрэсія гэта не хвароба». Аляксандра акцэнтуе свой мэсэдж на сястрынстве: «Мы шчыра распавядаем аб сваіх пачуццях тут, і запрашаем цябе, сяброўка, паслухаць і зразумець, што ты не адна».
Text by Zamandarin