Часам нават падкаст, у якога слухачоў цэлая банда, мог бы гучаць шырэй, але губляе аўдыторыю праз нейкі фактар, аб якім стваральнікі гэтага шоу нават не ў курсах. Што ўжо казаць пра свежанькія шоу, запісаныя літаральна ў шафе! Пакуль ты зразумеш, дзе ў тваім чоўне зіхае прабоіна, можна ўвогуле ў падкастынгу расчаравацца ды закінуць мікрафон на гару. Калі ж хочаш разам з Belarus Podcast Hub дачакацца сапраўднага буму беларускіх аўдыяшоу і даўгуткіх хвілін сваёй славы, прапануем звярнуць увагу на некалькі рэальных прычын, па якіх людзі не жмакаюць «падпісацца», паслухаўшы новае шоу.
Адна думка на гадзіну
Калі падкаст першапачаткова не пазіцыянуецца як нязмушаныя размовы даўніх сябро_вачак ні пра што і пра ўсё адразу, то да кожнага выпуску трэба па-даросламу рыхтавацца. Не важна, інтэрв'ю гэта, агляд музычных цікавостак або абмеркаванне топіка з папулярнай псіхалогіі. У кожнага эпізоду павінен быць нейкі план, а табе трэба як след разумець, што за думкі ты будзеш даносіць у кожным з пунктаў гэтага плана і на якія факты абапірацца (няма лепшага бла-бла-бла за тое, што прарасло з ведаў). Вядома, на запісе ўсё можа заруліць туды, куды ніхто не планаваў. Над гэтымі неспадзяванкамі варта паразважаць «на мантажным стале»: вось гэтае лірычнае адступленне пра першую ментолавую цыгарэту за школай – яно раскрывае тэму ці насамрэч не дадае гісторыі ні фактаў, ні фарбаў?
Агаленне структуры
Нікому не цікава, у якіх пакутах ты рыхтава_лася да падкаста і ў якіх турбулентных умовах яго запісва_ла. З большага слухачы чакаюць уласна падкаста, а не аповед пра падкаст. Па гэтай жа прычыне не варта вывальваць на слухачоў і рознага роду «метатэкст»: «Я папрашу цябе адказаць на пытанні… [пералічвае ўсе стопіцот пытанняў]», «Традыцыйна я праводжу са сваімі гасцямі бліц… [чаму б проста не пачаць праводзіць бліц, без падводкі пра тое, што гэта бліц?]», «У завяршэнне я пытаюся гасцей аб *нечым* і яны мне адказваюць *сякое і такое*, і мне вельмі цікава, а што адкажаш ты… [божухна, ды спытай ты ўжо!]». Карысна будзе, калі ты даш слухачам уяўленне пра тое, што чакае іх у размове, але агаленне самой структуры падкаста звычайна не ідзе яму на карысць. З'яўляецца адчуванне чагосьці штучнага, тыпу чытання з аркуша.
Фота Cris Saur з Unsplash
Дрэнны і няроўны гук
Першы падкаст можна запісаць і на тэлефон, але май на ўвазе, што ўжо на гэтай стадыі хтось са слухачоў можа і адсеяцца – у падкаст-фанаў поўна варыянтаў, што паслухаць прама зараз, а новых шоу з якасным гукам толькі прыбывае. Вось тут можна пачытаць пра запіс, абсталяванне і звядзенне для пачаткоўцаў. Калі ёсць варык даверыцца некаму, хто шарыць за гук, то не трэба думаць двойчы.
Непрыемна, калі застаўка і адбіўкі грымяць фанфарамі, а асноўная гутарка – нейкае лапаценне, ледзь чуваць. Даводзіцца ўвесь час пераналаджваць гук (ну, ці ўслухоўвацца ў «шэпт» – а гэта лішняе напружанне, вартыя якога толькі нейкія зусім залатыя словы). Магчыма, ты заўважа_ла, што ў тэлевізары рэклама гучнейшая за фільм ці ток-шоу. Рупар спажывання павінен дагрукаццца да ўсіх вушэй, нават калі нехта адбег нашаткаваць бутэрбродаў або пачыліць у WC. Аднак у падкасце вельмі важна выраўноўваць гук. І нават калі ты ўстаўляеш рэкламу, тым горш для рэкламы, калі яна выбіваецца па дэцыбелах.
Непрыемны голас
Голас, інтанацыі, вымаўленне, манеры – гэта ўсё, вядома, вельмі індывідуальныя штукі і тут «на смак ды колер...». З аднаго боку, не трэба думаць, быццам для падкаста патрэбны нейкі «падкастэрскі» голас (а-ля нарцысічны барытон дыджэя на радыё). З іншага – важна разумець, што над прамовай можна працаваць. Цалкам рэальна пазбавіцца ад слоў-паразітаў ці паменшыць іх аб’ёмы, навучыцца лепш інтанаваць, навучыцца гаварыць павольней або, наадварот, хутчэй, падцягнуць агульны ўзровень прамовы на канкрэтнай мове. Было б жаданне!
Фота Tim de Pauw з Unsplash
Мат
Часам чырвонага слоўца з песні не выкінеш, але ўсё добра ў меру. Амаль ва ўсіх ёсць рубеж, за якім мацершчына губляе свой экспрэсіўна-мастацкі прысмак і счытваецца як адсутнасць культуры мовы. Таксама могуць узнікаць пытаннечкі да рознага вострага гумару. Ну і мова варожасці ў адэкватным свеце балаў не дадае.
Адсутнічае рэдактура
І справа не толькі ў непадрэзаных «э-э-э…» і паўзах, але і ў пасажах, якія мала дачыняюцца да топікаў, што абмяркоўваюцца, або паўтараюць тое, што ўжо казалі раней. Калі табе здаецца, што нейкі фрагмент можна выразаць, – хутчэй за ўсё яго сапраўды можна выразаць. Добры падкаст падобны на размову «як у жыцці», але насамрэч ён нашмат больш шчыльны і насычаны за размову ў жыцці. Шмат што тут вырашае першапачаткова абраны тэмп гутаркі, але таксама важная рэдактура. Неабавязковыя фрагменты, паўторы, празмернае «яканне» з тоннай суб’ектыву часцей раздражняюць, чым замілоўваюць.
Слабыя месцы ў многіх падкастэраў-пачаткоўцаў – пачатак і канец выпуску. Калі на старце яны доўга разгойдваюцца – і надвор'е абмяркуюць, і свежыя аналізы крыві ды мачы, то ў канцы расцякаюцца на доўгія хвіліны, каб папрасіць сапорту. Падумай, як усе гэтыя «падтрымайце на патрэон», «пастаўце лайк», «падпішыцеся на нас у тэлеграме» падаць шчыльней і з якім-небудзь прышпілам.
Фота JC Gellidon з Unsplash
Нешта не тое з хранаметражом
Стваральнікі тэлесерыялаў не частуюць гледача серыямі то ў 25 хвілін, то ў 55. Тэлевізійны стандарт вытрымліваецца строга. У падкастах, зразумела, можна быць вальней з уласным часам, аднак будзе лепш, калі ты вырашыш трымацца ў вынайдзеных табой рамках накшталт «каля гадзіны» або «хвілін трыццаць».
Некаторыя слухачы падкастаў любяць кароткія фарматы, іншыя – даўгія. Тут усё залежыць ад тваёй тэмы і аўдыторыі, трэба намацваць аптымальны варыянт, але ў любым выпадку доўгім выпуск не павінен апынуцца толькі праз тое, што яго ніяк не рэдагавалі, пакінуўшы ўсе лірычныя адступленні і жарты, зразумелыя толькі самім прысутным (а можа і прысутным не ўсім). Часам у гадзінным падкасце могуць выходзіць і грандыёзныя выпускі на дзве-тры гадзіны, але гэта і павінен быць нейкі «спэшал».
Варта ацаніць па даўжыні і джынглы. Людзі на планеце так паскорыліся, што вельмі напружваюцца, калі тарам-па-пам доўгія. Але, калі іх зусім няма, то людзям сумна – вось жа, паспрабуй дагадзі.
Падкаста недзе няма
Калі хто слухае падкасты ў Spotify, то хутчэй за ўсё яны слухаюць іх толькі ў Spotify. Тое ж самае – з Google Podcasts або Apple. Таму, нават калі табе здаецца, што нейкая пляцоўка зусім не заслугоўвае ўвагі, цалкам верагодна, што ўвагі ёй варта адсыпаць.
Не саромейся заходзіць з падкастам на YouTube. Шмат хто з карыстальнікаў ютуба менавіта слухаюць яго, нават ролікі, у якіх ёсць «карцінка». Не толькі гледачы, але і «чыстыя слухачы» ёсць нават у самых наварочаных ток-шоу або інтэрв'ю з драматычнымі буйнымі планамі і церабленнем насоўкі ў рэжыме макраздымкі. Людзям зручна, што іх падпіскі ляжаць у адной купцы і што пры жаданні можна перамыкаць рэжым слухання на рэжым глядзення, і наадварот. Падкаст на YouTube можна запампаваць і проста з малюнкам-вокладкай, але можна пайсці крыху далей і зрабіць анімаваную заглушку. Тут можаш пачытаць, чаму і ў якім фармаце трэба з падкастам ісці на Youtube.
***
Зразумела, што для розных падкастаў спрацоўваюць розныя штукі, і няма стоадсоткавага рэцэпту, каб прывабіць ўсіх. Ды й навошта? Калі табе ёсць, што сказаць, калі табе ёсць, з кім пагутарыць, калі ты гарыш сваёй справай, транслюеш светлыя каштоўнасці ды добрыя вайбы – твае высілкі абавязкова дадуць плён.
Text by Zamandarin