Мастацтва – адна з тэм, якая найбольш асвятлялася ў беларускамоўнай прасторы спакон вякоў. Нават у тыя цёмныя часы, калі ўвесь беларускамоўны кантэнт зводзіўся да некалькіх перадачак на тэлебачанні і малавядомых для шырокіх колаў незалежных газет. На канале Беларусь-3 рэгулярна выходзілі дакументальныя фільмы на беларускай мове пра беларускі тэатр, беларускіх мастакоў і беларускі кінематограф. Наўрад ці вы калі-небудзь бачылі гэтыя фільмы, бо трапіўшы раптоўна на тэлеканал Беларусь-3, па звычцы хуценька пераключалі. Добра, што часы змяніліся, і замест прадукцыі дзяржаўнага тэлебачання мы можам спажываць якасны кантэнт пра беларускае мастацтва. Лаві нашу падборку падкастаў на гэтую тэму!
«Гісторыя беларускага мастацтва»
Так проста і
называецца падкаст ад вядомых 34mag і 34travel. Гэта падкаст пра выяўленчае
мастацтва – то-бок пра карціны. Дарэчы, у беларускай мове мастацтва – гэта і
ўся творчасць у шырокім сэнсе, і канкрэтна маляванне. Гісторыя беларускага
мастацтва – менавіта пра развіццё малявання на беларускіх землях.
Падкаст
пачынаецца з царкоўнага мастацтва – фрэсак і абразоў, а канчаецца сучасным
постмадэрнізмам. Усяго ў падкасце 8 выпускаў, але ў плэйлісце на любой
падкаст-пляцоўцы вы знойдзеце аж 16. Справа ў тым, што падкаст двухмоўны: кожная
тэма раскрывалася на беларускай і расейскай мовах.
У «Гісторыі беларускага мастацтва» неймаверны саўнддызайн. Па ходу аповеду на фоне гучыць то арганная музыка, то класічныя партыі
скрыпкі, то электронная музыка. Ад часу да часу ў апавяданні ўзнікаюць гукі
крокаў па каменнай падлозе, іржанне каня і нават шэпт анёла. У выніку ўзнікае
такое адчуванне прысутнасці, быццам ты бачыш тыя карціны на ўласныя вочы.
34mag і 34travel паказалі выдатны прыклад таго, што падкаст можа быць нават пра
візуальныя рэчы.
«Тайрэ Витебск»
Беларускія гарады
і мястэчкі прасякнутыя габрэйскай культурай. Напрыканцы 19 стагоддзя да 50%
насельніцтва беларускіх гарадоў складалі менавіта габрэі. Аднак Віцебск – гэта
адзін з «найбольш габрэйскіх» гарадоў Беларусі, ні ў апошнюю чаргу дзякуючы
габрэйскаму мастаку Марку Шагалу.
Менавіта пра
Шагала, Віцебск, габрэйскую спадчыну ў Беларусі, ідыш-беларускі слоўнік і
традыцыйную музыку беларускіх габрэяў распавядаецца ў падкасце «Тайрэ Віцебск».
Падкаст зроблены ўрбаністычнай ініцыятывай «Добры горад», таму ў падкасце шмат
не толькі мастацкай, але і ўрбаністычнай перспектывы.
Таму ўсім
аматарам праекта пра габрэйскую спадчыну majsy.by, цікавым да ўрбаністыкі і
жыхарам Віцебску вельмі раім паслухаць. Падкаст выдатна паказвае, як габрэйская
культура ўплывала раней і працягвае ўплываць на гарадское асяроддзе проста
зараз.
«Пра оперу па-чалавечы»
Анастасія
Мацкевіч – прафесійная оперная спявачка – распавядае на роднай мове пра оперу
так, што адразу хочацца набыць квіток на бліжэйшы спектакль.
Калі слухаеш
прафесіянал_ку сваёй справы, закахан_ую ў тое, што ян_а робіць, лёгка
заражаешся энтузіязмам і чамусьці таксама пачынаеш гэту справу любіць. Гэтая
магія адбываецца і ў падкасце Насты Мацкевіч. Як кажа сама аўтарка падкаста,
яна накіраваная на тых, хто аднойчы ў школьныя гады схадзілі ў оперу, нічога не
зразумелі і расчараваліся ў гэтым відзе мастацтва. Вядома, калі падыходзіць да
опернага мастацтва не ведаючы кантэкст, наўрад ці вы нешта зразумееце. На
працягу 21 эпізода Наста тлумачыць што такое опера, як яна развівалася і аб
чым насамрэч вядомыя спектаклі. Для таго, каб было зусім зразумела, Наста
ўключае кавалкі з вядомых твораў і нават запісы ўласных канцэртаў.
Праз падкаст вы даведаецеся, як спрычынілася да развіцця
опернага мастацтва жонка Моцарта, як маленькі горад Слонім стаў сталіцай
беларускай оперы і чым выдатныя спевакі-кастраты.
«Поставили. Сняли»
Падкаст, які
паказвае, што беларускі кінематограф жывы, жыве і будзе жыць.
«Паставілі. Знялі» – гэта пра гісторыю беларускага кіно і тэатра. Падкаст асвятляе самыя розныя
тэмы: ад кінаклубаў у дзевяностыя да беларускіх дакументалак у шасцідзясятыя.
У першых пяці
выпусках падкаста мы дазнаемся пра гісторыю тэатральнага мастацтва незалежнай
Беларусі. Зазірнуць за заслону Купалаўскага тэатра, Беларускага дзяржаўнага
тэатра лялек і Драматычнага тэатра Якуба Коласа дапамагаюць тэатральныя
крытыкіні Людміла Грамыка і Ксенія Князева. Праз размовы дзвюх інтэлігентных
адукаваных, але зусім не напышлівых і не нудных жанчын, мы дазнаемся пра ўнутраныя
працэсы, якія адбываюцца ў беларускім тэатральным мастацтве апошнія 30 год.
Акрамя таго, крытыкіні запрашаюць у якасці жывых сведак падзей вядомых
рэжысёраў, якія на ўласныя вочы бачылі ўсю драму беларускіх тэатраў.
Падкаст
працягваюць спецыялісткі па гісторыі кіно Марыя Касцюковіч і Ірына Дзям’янава.
У выпусках пра дакументальнае кіно 60-70-х мы са здзіўленнем пачынаем
дазнавацца, у чым мастацкая каштоўнасць дакументалак. Калі коратка, дзякуючы ім, мы можам дакладна назіраць лад жыцця людзей 50-60 год таму. Аднак, чым
задаволіцца такім кароткім апісаннем, лепей паслухаць 6 – 11 выпускі падкаста.
Нядаўна ў «Паставілі. Знялі» пачаў выходзіць другі
сезон. Першыя выпускі распавядаюць пра ігравое кіно – то-бок не дакументальныя,
а мастацкія фільмы – якія ў савецкія часы зрабіў «Беларусьфільм». Спойлер: там не
толькі чорна-белыя карціны пра вайну, але і разнастайныя таленавітыя творы,
якія ўступаюць у дыялог з класікай сусветнага кіно.
Падкасты і лекцыі Лятучага ўніверсітэта
Лятучы
ўніверсітэт – гэта ініцыятыва па стварэнню руху вольнага мыслення ў Беларусі.
Так кажуць пра сябе самі стваральнікі. Фактычна, Лятучы ўніверсітэт – гэта
прастора нефармальнай адукацыі ў гуманітарных і прыродазнаўчых кірунках.
Дзякуючы дзейнасці Лятучага ўніверсітэта, мы зараз можам пераглядзець лекцыі найлепшых
беларускіх даследчыкаў проста на іх ютуб-канале, а таксама паслухаць у якасці
падкастаў.
Лятучы
ўніверсітэт зрабіў некалькі курсаў-лекцый пра гісторыю беларускага мастацтва.
Напрыклад, курс
пра мастацкае аб’яднанне УНОВІС ад мастацтвазнаўцы Таццяны Катовіч. Праз курс
вы даведаецеся пра ролю знакамітага Казіміра Малевіча ў беларускім мастацтве,
пра авангардыстаў і тое, чаму чорны квадрат – гэта шэдэўр.
Ёсць яшчэ курс
пра дакументальны тэатр ад даследчыцы тэатра Алены Мальчэўскай, якая распавядае
аб тым, што такое гэты самы дакументальны тэатр, як тычыцца мастацтва
антычнасці Беларусі і як тэатральныя дзеячы выкарыстоўваюць розныя прасторы па-за
тэатрам.
У Лятучага
ўніверсітэта ёсць нават курс пра гісторыю фатаграфіі, дзе беларускі фотамастак
Сяргей Кажамякін расказвае пра старыя плёначныя фота і сучасныя здымкі на
айфон.
Курсы Лятучага ўніверсітэта можна знайсці на іх сайце і на ўсіх вядомых падкаст-платформах.
Text by Дар'я Гардзейчык