Некаторыя рэчы падаюцца відавочнымі, але ты здзівішся, калі даведаешся, колькі ў кам’юніці падкастараў небарак, якія аднойчы забылі клікнуць на REC. Распавядаем пра тыповыя памылкі падкастараў – пачаткоўцаў і не – а таксама шэрым асабісты досвед у шытхэпенінгу Ані Пяровай («Паўгадзіны кардыё») Дар’і Гардзейчык («Утульны горад», «Гісторыя беларускага сэксу») і Ганны Дзягель («Так склалася гістарычна»).
Памылка № 1. «А-а-а, нічога не запісалася!»
Або запісалася, але не ўсё. Або запісалася, але толькі ў аднаго спікера. Нават дзясятак удала запісаных эпізодаў не павінны паслабіць твае булачкі. Перад кожным запісам рабі чэк-чэк. Лічы, гэта як пачысціць зубы – абавязковая руціна. Праверыць гучанне, зачыніць вокны, зам’юціць тэлефон.
Калі робіш інтэрв'ю праз зумы, не саромейся ўдакладняць у суразмоўцаў, а ці дакладна на іх апаратуру іх голас запісваецца. Неблагая ідэя на ўсялякі выпадак пісаць не толькі ў мікрафон, але і ў альтэрнатыўны мік – хай бы нават тэлефонны – або агульны гук зума. Такая падстрахоўка, вядома, не ўзніме якасць шоў на новы ўзровень, але ты будзеш адчуваць сябе больш упэўнена ў працэсе размовы. Да таго ж можна будзе скарыстацца «экстранай» дарожкай у выпадку, калі спікер не захоча ці не зможа перапісвацца наноў.
Памылка № 2. Гук – дрэнь.
Прама ў гэтую хвіліну, пакуль ты чытаеш тэкст, на падкаст-платформы грузяцца незлічоныя шоу. Слухачу ёсць з чаго выбіраць, яго слых распешчаны добрымі, якаснымі штучкамі з самымі раскошнымі джынгламі. Калі падкаст гучыць так, быццам яго пісалі ў спартзале школы, дзе разміналася баскетбольная каманда, або ў прыбіральні, дзе прагульвалі фізру тыя, хто не размінаўся, то слухачу прыйдзецца рабіць высілкі, каб дабрацца да сэнсаў. Шчыра скажы: вось ты сам(-а) шмат слухаеш падкастаў, дзе даводзіцца разбіраць словы, рабіць грамчэй? Дзе паралельна чалавечай прамове нешта рыпае і рохкае, а адзін голас значна гучней за іншы? Заўсёды можна пераключыцца на штосьці менш лоўфайнае.
Скрыншот з фільма Manos: Hands Of Fate
Вядома, галоўнае ў падкасце – яго змест. Але камфортнае гучанне – гэта найперш павага да аўдыторыі. На шоу з утульным гукам слухач падсаджваецца так, што часам нават тэма не гэтаксама важная, як інтанацыі і талент апавядальніка: вось чалавека не цікавілі медыцынскія адкрыцці – а вось ён ужо ў застольнай гутарцы распавядае табе пра зарубу паміж Петэнкоферам і Кохам.
Сапраўды, для першага падкаста не трэба збіраць хатнюю студыю. Але прыкласці сякія-такія намаганні для таго, каб цябе было прыемна слухаць, прыйдзецца. Зрабі ўсё, што ў тваіх сілах, каб гук вабіў і пераносіў у прастору тваіх сэнсаў. Вось тут знойдзеш нашы рэкамендацыі.
Памылка № 3. «Вой, ну што там выразаць!»
Добры падкаст – адрэдагаваны падкаст. Здаецца, твае любімчыкі кідаюць у прадакшн гутарку без усялякіх падрэзак? Клас, яны нездарма твае любімчыкі: значыцца, у іх атрымліваецца падразаць усё залішняе так, каб захаваць вайб жывой размовы. Паўзы, эканне, тупняк, дакучлівыя паўторы, зацягнутыя разважанні не па тэме, прыступы рагатуна, прычыны якога зразумелыя толькі ўдзельнікам гутаркі, – усё гэта на вайб не працуе, гэта ператварае бадзёры нягроні-сбал’ята ў замес, куды хцівы бармэн напхаў адзін лёд.
Памылка № 4. Адсутнаць плану.
Сіндром дэфіцыту ўвагі – адна з ключавых хвороб у анамнэзе інтэрнэт-эпохі. Мы ўсе развучыліся канцэнтравацца і пырхаем ад спасылцы да спасылцы ў пошуках чагосьці, што дасць нам болей дафаміну. Вось чаму першых слухачоў цяжка знайсці і лёгка страціць (у арыгінальнай фразе было яшчэ «немагчыма забыць», але гэта выкраслім, таму што дэфіцыт увагі дазваляе забыць што заўгодна).
Выходзіш па панядзелках – выходзь па панядзелках. Абяцаў(-ла) запрасіць у студыю цікавага госця – то запрасі. Абавязкова прадумай, колькі выпускаў будзе ў тваім сезоне, што за тэмы будуць раскрывацца ў кожным з іх, у якой паслядоўнасці усё гэта будзе адбывацца і з якой рэгулярнасцю новы эпізод будзе загружацца на платформы. Запісвайся пакетна, каб на выпадак форс-мажору ў цябе ляжаў эпізод у рукаве.
Успомні марэнне ад чакання новай серыі ўлюбёнага шоу. Стань гэтым улюбёным шоў, якое чакаюць – а яно чаканняў не падводзіць.
Скрыншот з The New Adventures of Winnie the Pooh (1988)
Асобна адзначым: калі будзеш рыхтавацца да запісу, высветлі, што там па аўтарскіх правах мелодый або дарожак з фільмаў, якія ты плануеш выкарыстоўваць у сваёй гісторыі. Далёка не ўсё можна юзаць так, як захочацца.
Памылка № 5. Адсутнасць піяру.
Уклаўся(-лася) у сэнс, гук, стратэгію? Пакінь сілы на прасоўванне. Вось тут мы падрабязна распавядалі пра тое, як падкасту нарошчваць сваю аўдыторыю.
Таксама не саромейся прасіць фідбэка і давай фідбэк на фідбэк. Людзі любяць, калі хтосьці цікавіцца іх меркаваннем, і яшчэ больш – калі іх меркаванне агучваюць, рэагуюць на яго, прымаюць да ведама.
Памылка № 6. Быць 100-ў-1.
Людзі рэдка могуць давяраць камусьці ў той жа ступені, як сабе (і гэта разумна). Але адзін чалавек дакладна не можа быць супер ва ўсім: сам(-а) сабе сцэнарыст, вядучы, звукач, рэдактар, SMM-шчык, таргетолаг, піяршчык – ці ты Шыва, ці ноша не па спіне. Рызыкуеш выгарэць.
Паспрабуй дэлегаваць задачы, у якіх ты не топ, ці тыя, што не прыносяць табе задавальнення. За грошы ці на валанцёрскіх пачатках. Канешне, стасункі з людзьмі – тлусты чарназём для новых, самых разнастайных памылак. Але карысць ад уключэння новых мазгоў, рук і ведаў у твой праект можна атрымліваць бясконцую. Да зор прасцей ляцець не ў самоце.
Аня Пярова («Паўгадзіны кардыё»):
«Дзіўна, што гэта здараецца з экс-журналісткай, бо гэта было сутнасцю маёй працы, але мой галоўны і самы маштабны факап – гэта тое, што я не змагаюся з нежаданнем падавацца гасцям брыдкім і настойлівым чалавекам з 1000 патрабаванняў. Бо ну як я магу, напрыклад, папрасіць госця знайсці добры дыктафон для запісу падкаста, які ўвогуле не яго, і прыходзіць госць да нас не за грошы? Заўсёды падаецца, што мне напішуць штосьці тыпу “ой, ідзіце вы тады на… са сваімі падкастамі”. Праз маю такую асаблівасць (але не памылюся, калі скажу, што і мой сувядоўца Макс такі ж – “вельмі мілы”) у нас шматкроць бывала, што ў гасцей карцінка ці гук значна горш, чым нам бы хацелася. Але зараз мы вырашаем гэту праблему творча: бярэм студыю ў арэнду ў горадзе героя і намагаемся зняць яго там.
Ну і класіка: не запісаўся гук, відэа. Здаецца, здаралася з усімі. Але аднойчы, калі мы пісалі відос з Лізай Ветравай, ужо занадта раслабіліся: падумалі, яна ж сама блогерка, таму і без нашых парадаў ведае, як сябе запісаць. У выніку шостае пачуццё Максіма (відаць, у яго жаночая інтуіцыя развітая лепш за нашу з Лізай) падказала яму запытаць, а ці піша ў Лізы тэлефон. І, безумоўна, аказалася, што апошнія хвілін 15 ён не пісаў, бо скончылася памяць! Мне тады хацелася крычаць і разбіць ноўт ад злосці на сябе, што так раслабілася, але прыйшлося усміхацца далей і запісвацца, нібыта нічога не было. Як можна паглядець на ютубе, у выніку перапісалі, змантавалі – і ўсё гуд.
Не панікаваць і не вініць сябе, а хутка шукаць выйсце – вось галоўная рэкамендацыя для такіх сітуацый. Ну і ў прынцыпе для ўсіх сітуацый».
Дар’я Гардзейчык («Утульны горад», «Гісторыя беларускага сэксу»):
«Калі я на чыстым энтузіязме пачынала запісваць “Гісторыю беларускага сэксу”, у мяне былі толькі тэлефон, шкарпэтка ў якасці поп-фільтра і нейкі відэарэдактар. І калі твой падкаст (як першы сезон “Гісторыі беларускага сэксу”) – гэта зачытванне тэксту на дыктафон, то нічога больш і не патрэбна. Праблемы пачнуцца, калі раптам захочаш рабіць размоўныя падкасты або інтэрв’ю.
Па-першае, не кожнага госця можна прымусіць засунуць тэлефон у шкарпэтку і трымаць яго каля рота на працягу гадзіны. З сябрамі-энтузіастамі гэта яшчэ пракатвае, а вось прасіць аб такім экспертаў з прафесарскімі званнямі ўжо неяк няёмка. Хочаш не хочаш, а прыйдзецца набываць мікрафоны хаця б дзеля саліднасці.
Па-другое, рэдагаваць падкаст у відэарэдактары, калі маецца прынамсі дзве гукавыя дарожкі з гаворкай, суадносна, двух людзей, – ужо занадта складана. Даводзіцца ўсталёўваць Reaper і глядзець гадзіны відэаўрокаў па працы з гэтым дадаткам. Тут высвятляецца, што да камп’ютэра можна падлучыць толькі адзін мікрафон, з якога будзе пісацца гук. І пакуль не набудзеш асобную аўдыёкартку, на кожны запіс давядзецца пазычаць ноўтбук у сяброў, каб падключаць кожны мікрафон да асобнага камп’ютэра.
Ці, напрыклад, раптам пасля абнаўлення Windows нешта ламаецца, і гук, запісаны на мікрафон гучыць як быццам з-пад зямлі. Падлучаеш мікрафон да іншых ноўтбукаў – усё нармальна. Некалькі гадзін я бавілася з наладамі, усталёўвала і выдаляла ўсе магчымыя драйверы... Давялося несці ноўтбук у бліжэйшы сервіс, каб мне пераўсталявалі Windows. Потым я яшчэ доўгія гадзіны мучыла знаёмых праграмістаў і гукарэжысёраў, якія ўсталёўвалі тыя ж драйверы, што я выдаляла, і бездапаможна разводзілі рукамі. Скончылася ўсё тым, што ў наладах сувязі я адключыла функцыю “памяншаць гучнасць іншых гукаў на 50% пры размове праз камп’ютэр”. Гук выправіўся. Дарэчы, гэта не адзіная загадка, якую мне прыйшлося разгадваць праз раптоўныя непаладкі з гукам.
У тыя далёкія часы, калі я яшчэ запісвалася на тэлефон у шкарпэтцы, падарылі мне новы тэлефон. Тэлефон новы, а гук на яго запісваецца дрэнны. Напэўна, ўсталяваны мікрафон дрэнны – вырашыла я і пайшла купляць маленькі мікрафон-пяцельку. Пяцельку падлучыла – гук такі ж дрэнны. Палезла на форумы. Высветлілася, што ў тэлефонах гэтай мадэлі часта праблемы з запісам гука. Ніводзін аглядчык тэхнікі, якога ты паглядзіш на YouTube перад тым, як набыць тэлефон, пра гэта не скажа. Таму што аглядчыкі не плануюць запісваць падкасты на тэлефон.
Калі я ўжо пачала рабіць падкаст пра ўрбаністыку “Утульны горад”, у якім я размаўляю з саліднымі адукаванымі людзьмі, зразумела, што рабіць падкасты на каленцы больш не атрымаецца. Давялося набыць тэхніку і знайсці ціхае ўтульнае памяшканне для запісу».
Ганна Дзягель («Так склалася гістарычна»):
«Быў выпадак, калі запісалі выпуск з госцем і не звярнулі ўвагу на гул за сценкай студыі, там нейкі рамонт ішоў. Давялося выпуск перапісваць поўнасцю. Тут мая ўдзячнасць і студыі, што зрабілі паўторны запіс для мяне бясплатным, і госцю, што яшчэ раз знайшоў час прыехаць і запісацца. Добры гук, без хрыпаў, гулу, доўгіх паўз і слоў-паразітаў – гэта важна.
Поўным правалам для мяне скончылася таргетаваная рэклама ў інсце і фб. Хаця я яе запускала ў самым пачатку праекта, калі не вельмі пільна вяла сацсеткі. Альбо я проста не вельмі ўмею гэта рабіць. Потым я пачала больш пільна весці ў прыватнасці інстаграм. І вось узаемная рэклама ў інсце, калабы у самім падкасце аказаліся нашмат больш эфектыўнымі. Адсюль парада: сацсеткі таксама трэба.
Ну і апошняе. Мой досвед паказвае, што праца за грошы больш стабільная, чым на валанцёрскіх пачатках. Так аўдыё мне мантуюць на замову больш за год адныя і тыя ж людзі і я цалкам задаволеная і вынікам, і камунікацыяй (прывітанне менскай студыі TeamTeam). А вось аператар, што здымаў мне відэа для тыктоку ў нейкі момант разам з адснятым матэрыялам знік. І-і-і-і... усё, зараз шукаю выйсце.
Але ў цэлым праца над падкастам і звязанымі з ім праектамі прыносіць мне шмат радасці. Я пераадкрываю для сябе беларускую гістарычную навуку і бачу шчырую цікаўнасць і падтрымку з боку слухачоў».
Text by Zamandarin