Экалогія – тэма, якая выклікае нечакана шмат спрэчак. З аднаго боку, існуе некаторы грамадскі кансэнсус, што файна было б не засмечваць планету і клапаціцца пра змены клімату. З іншага боку, сартаванне смецця і выбар на карысць доўгайграючых прадуктаў замест аднаразовых – гэта ў нашых умовах толькі справа асабістага сумлення, а не замацаванага законам абавязку. Цяжка бывае патлумачыць людзям, навошта сартаваць смецце, калі ім гэта нязручна, і навошта браць на пікнік шматразовы посуд, а не пластыкавы. Дзеля таго, каб даць адказ на ўсе гэтыя складаныя пытанні, і існуюць у беларускім падкастынгу падкасты пра экалогію.
«Рабіць (не) перарабіць»
Наратыўны падкаст эка-актывісткі Ганны Шагурынай пра тое, як людзі вынаходзяць цікавыя спосабы перапрацаваць якія-небудзь матэрыялы, якія ў нас звычайна не асацыююцца з перапрацоўкай. Напрыклад, ці ведалі вы, куды трапляе мыла ў гатэлях, якое не выкарысталі былыя госці? І што з гэтым мылам можна зрабіць, калі не проста выкінуць?
Ці вось, напрыклад, гушча з-пад кавы. Наўрад ці каму-небудзь прыйдзе ў галаву зрабіць з ёй нешта большае, чым проста выкінуць. Тым часам з заваранага зерня кавы робяць... кубкі для кавы! Перапрацаваць можна нават сваё цела пасля смерці. Ганна Шагурына з выпуску ў выпуск паказвае, што няма межаў для фантазіі людзей, якія паставілі за мэту весці экалагічны лад жыцця. Акрамя падкаста, можна падпісацца на інстаграм праекта і інстаграм спадарыні Ганны, каб даведацца болей пра экалагічны лад жыцця і падпісацца на іншыя рэсурсы, дзе можна даведацца пра перапрацоўку.
«Экологические хроники войны»
«Экалагічныя хронікі вайны» – гэта праект «Зялёнага партала». З пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну «Зялёны партал» робіць артыкул пра тое, як вайна адбіваецца на экалогіі. Чарговы доказ, што ад вайны пакутуюць усе сферы жыцця, і экалогія, канешне, у тым ліку. З чэрвеня па снежань 2022 года выходзіла аўдыяверсія гэтых хронікаў: падкаст-справаздача пра самыя адметныя падзеі ва Украіне, звязаныя з экалагічнай сітуацыяй.
Акрамя непасрэдна справаздачы пра тое, які аб’ект быў знішчаны, якая электрастанцыя пацярпела і як на экалагічны бок вайны рэагуе міжнародная супольнасць, стваральні_цы «Экалагічных хронікаў» шмат распавядаюць пра ўкраінскі і сусветны кантэкст. Напрыклад, калі распавядаюць пра забруджванне рэк ва Украіне, прыводзяць прыклады стаўлення да забруджвання рэк у свеце суцэльна. Або, калі распавядаюць пра нацыянальны парк, які моцна пацярпеў ад пажараў і забруджвання палівам, дадаюць некалькі цікавых фактаў пра флору і фаўну таго нацыянальнага парка.
З аднаго боку, гэта не выглядае, як проста ціск на пачуццё жалю да няшчасных звяроў у тым парку. З іншага боку, вядоўцы даступна тлумачаць, чаму нацыянальны парк – гэта сапраўды каштоўнасць, і што менавіта варта было б у ім цаніць. Чаго дакладна пазбаўляе падкаст, дык гэта ілюзіі пра тое, што ўкраінцам няма чаго турбавацца за разбомбленую краіну, бо калектыўны захад пасля вайны выдаткуе вялікія грошы, каб усё адбудаваць. На жаль, ёсць рэчы, якія аднавіць амаль немагчыма.
«Зялёныя размовы»
Яшчэ адзін падкаст ад «Зялёнага партала». Як кажуць самі аўтар_кі, гэта падкаст-вандроўка па экалагічным актывізме. Першы выпуск – гэта размова з беларускай Марыяй Фалалеевай, эксперткай па міжнароднай кліматычнай палітыцы. Потым у падкасце прымалі ўдзел эксперт_кі з Расеі, Сакартвэла і Сербіі.
Падкаст прапануе магчымасць параўнаць справы па экалагічных пытаннях у Беларусі і ў іншых, быццам бы падобных на Беларусь, краінах. Таксама ў падкасце ёсць шмат карысных парад і практык з усяго свету для тых, хто хоча весці экалагічны лад жыцця.
Праз падкаст нават можна даведацца, як прымаюцца экалагічныя рашэнні на наднацыянальным узроўні, і як працуе партыя «зялёных».
«Еще теплее»
Падкаст школы «Экаідэі» пра розныя экалагічныя праблемы, якія нас атачаюць. Гэта якасна зроблены наратыўны падкаст, дзе кожны эпізод прысвечаны адной экалагічнай праблеме, і яны сапраўды зацягваюць. У кожным выпуску ёсць і галасы эксперт_ак, якія выказваюцца пра тую ці іншую з’яву з пункту гледжання навукі, і простых «абывацел_ек», якія намагаюцца выжыць у гэтым складаным свеце экалагічных і розных праблем.
Напрыклад, адзін з апошніх эпізодаў прысвечаны грынвошынгу – з’яве, калі бізнэсоўцы ў маркетынгавых мэтах абвяшчаюць, што іхныя прадукты «экалагічныя» ці «зялёныя», а насамрэч – гэта зусім не так. Выпуск нагадвае нават дэтэктыўную гісторыю і праграму «Рэвізор» адначасова: вядучая накіроўваецца ў супермаркет, каб праверыць, ці сапраўды прадукты з ганарлівым надпісам Eco на ўпакоўцы такія ўжо прыязныя для прыроды. Паралельна з гэтым у выпуску ёсць экспертныя каментары пра сутнасць з’явы «грынвошынг», гісторыю гэтай пачварнай маркетынгавай стратэгіі і метадах барацьбы з ёю.
У іншых выпусках, вы можаце даведацца пра тое, як звязаны эка-актывізм і фемінізм, што такое экамастацтва, якая сувязь паміж нашым штодзённым хлебам і глабальным пацяпленнем і якія складанасці ўзнікаюць для экалагічнага ладу жыцця, калі ў сям’і з’яўляецца дзіцё.
«Почва, воздух, два ствола»
Гэта экалагічна-гістарычны падкаст арганізацыі «Экадом» з назвай, якае адсылае да вядомага фільма. У падкасце расказваецца пра тое, як узнікалі, працавалі і дагэтуль працуюць беларускія экалагічныя і прыродныя некамерцыйныя арганізацыі.
Напрыклад, у першым выпуску заснавальнікі вядомай беларускай арганізацыі «Зелёная сеть» успамінаюць, як нараджалася ўстанова: як «на каленцы» зрабілі сайт, як прасоўвалі экаідэі без хуткага інтэрнэту і чаму пазбягалі слоў «валанцёры» і ўсе астатнія пазычаныя тэрміны.
У адным з наступных выпускаў адбываецца размова з дырэктарам арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны», якая цяпер сумна вядомая праз яе гучную ліквідацыю і арышты. «Ахова птушак» была першай арніталагічнай арганізацыяй у Беларусі. У выпуску вы даведаецеся і пра тое, як арганізацыя была заснаваная групай спецыяліст_ак па біялогіі. На працягу існавання арганізацыі супрацоўні_цы змагаліся з беларускай бюракратыяй, а яшчэ лазілі па балотах, каб пабачыць рэдкіх птушак, распрацоўвалі планы кіравання для заказнікаў і ратавалі вяртлявую чарацянку.
«Осадочек Остался»
Серыя падкастаў «Экадома» пра наступствы чарнобыльскай катастрофы ў Беларусі. Праз падкаст можна даведацца, што такое таямнічыя «радыенукліды», як яны адбіваюцца на воднай экасістэме Беларусі, чаму ў Астравецкай атамнай электрастанцыі ёсць усе шанцы паўтарыць лёс Чарнобыльскай, навошта ў Беларусі калісьці даўно ўтварылася антыядзерная кампанія і чым займаюцца супрацоўні_цы Інстытута радыяцыйнай бяспекі «Белрад».
Лекцыі «Экадома»
Не падкасты, але ўсё яшчэ варта паслухаць. На YouTube-канале «Экадома» шмат запісаў лекцый, вэбінараў і прэзентацый пра вялікія экалагічныя працэсы і нашае штодзённае жыццё ў іх. Напрыклад, ёсць некалькі лекцый, прысвечаных уплыву чарнобыльскай катастрофы на беларускую прыроду. Таксама ёсць дыскусіі і лекцыі пра атамную энэргетыку у цэлым: ці ёсць ад яе якая-небудзь карысць (спойлер: не), як можна здабываць электрычнасць, калі не праз атамныя станцыі, і што не так з Астравецкай АЭС.
Там жа вы знойдзеце вэбінары пра чысцюню паветра і парады пра тое, як быць актыўн_ай грамадзян_кай ды захоўваць свае расліны біялагічнымі метадамі.
«Утульны горад»
Падкаст не пра экалогію, а пра ўрбаністыку, але экалагічныя пытанні там перыядычна падымаюцца. Напрыклад, у выпуску пра смецце расказваецца пра тое, куды знікае смецце з беларускіх гарадоў, якія існуюць віды яго захавання і перапрацоўкі і ці насамрэч так у беларускіх гарадах чыста.
Таксама з падкаста можна даведацца пра сувязь некаторых базавых пытанняў гарадскога дабрабыту і экалогіі. Пра паходжанне большасці з іх звычайны чалавек, як правіла, не задумваецца. Напрыклад, як гарады ўплываюць на змену клімату і як змена клімату ў сваю чаргу ўплывае на гарады. Як вызначыць якасць вады ў кране і ці тая ж гэта вада, што цячэ ў рацэ? Азеляненне гарадоў: што гэта такое і навошта яно патрэбна прыродзе і нам?
Да таго ж, аўтарка падкаста – яшчэ і аўтарка гэтага самага артыкула, які вы толькі што прачыталі.
Text by Дар'я Гардзейчык