Вядома, што беларускі падкастынг – з’ява зусім маладая, і яшчэ не шмат людзей з Беларусі займаюцца вытворчасцю падкастаў. Некаторыя тэмы даволі папулярныя сярод тых нешматлікіх творцаў: мы маем некалькі беларускіх падкастаў пра літаратуру, гісторыю, кінематограф, вандроўкі і міграцыю. Тым не менш некаторыя нішы ў беларускім падкастынгу застаюцца ўвогуле незанятымі. Расказваем, якія гэта нішы і якія падкасты на адпаведныя тэмы ёсць у іншых краінах.
Падкасты пра менеджмент
Сярод беларускіх падкастаў ёсць некалькі пра бізнес. Напрыклад, падкаст «Треугольник» прадпрымальніка Дзмітрыя Драцкага, які запрашае разнастайных бізнесоўцаў паразмаўляць пра эканоміку, прасоўванне прадуктаў і гандлёвыя пляцоўкі. Аднак, калі тэма менеджменту там закранаецца, то толькі ўскосна. Карысных парадаў пра тое, як будаваць працэсы ўнутры кампаніі, як кіраваць камандай і аўтаматызаваць некаторыя справы ў гэтым падкасце амаль няма, што цалкам лагічна. Гэта менавіта тое, чаго б мы хацелі бачыць у падкастах пра менеджмент, а «Треугольник» – падкаст пра бізнес.
Тым часам у англамоўнай прасторы ёсць менавіта такія менеджарскія падкасты. Напрыклад, падкаст «Гутаркі з менеджар_кай. Гісторыі з перадавой» (Conversation with a Manager: Stories from the Frontline),
які вядзе выкладчык Вісконсінскай бізнес-школы Стыў Кінг. Разам з вядомымі менеджар_камі Кінг абмяркоўвае складаныя пытанні з галіны кіравання бізнесам. Як даць рады менеджар_кам, калі яны нашмат маладзейшыя за тых, кім яны мусяць кіраваць? Як падрыхтаваць каманду да змен у структуры кампаніі і для чаго гэта ўвогуле рабіць? Што рабіць, калі супрацоўні_цы сістэматычна не выконваюць паказчыкі і каго ў гэтым трэба вінаваціць? На ўсе гэтыя пытанні адказваюць госці Стыва Кінга, сыходзячы са свайго прафесійнага досведу. Сам Кінг каментуе тыя ці іншыя сітуацыі са свайго акадэмічнага пункту гледжання.
Большасць англамоўных падкастаў пра менеджмент выглядаюць менавіта такім чынам: прызнаныя эксперты ў вобласці кіравання распавядаюць пра розныя яго аспекты на прыкладах з жыцця. Аднак нішто не замінае зрабіць падкаст пра менеджмент наратыўным, а не размоўным. Напрыклад, калі вядоўца – дасведчан_ая менеджар_ка, як_ой ёсць шмат чаго распавесці і з тэорыі, і з практыкі.
Гумарыстычныя падкасты
Сярод беларускіх падкастэр_ак шмат людзей з цудоўным пачуццём гумару. Некаторыя з беларускіх падкастаў сапраўды напоўненыя жартамі і прымушаюць шырока ўсміхацца ці нават рагатаць услых, што выклікае пэўнае здзіўленне ў людзей навокал, калі вы раптам слухаеце падкаст недзе ў грамадскай прасторы.
Аднак падкастаў менавіта такога кшталту, якія можна знайсці на Spotify у катэгорыі Comedy, у беларускамоўным сегменце на жаль няма. Нават з улікам таго, што даволі шмат беларус_ак выступаюць са стэндапамі, апрацаваныя аўдыяверсіі іх выступаў немагчыма знайсці на падкаст-платформах. Хаця менавіта запісы канцэртаў комікаў ад часу да часу ператвараюць у падкасты.
Некаторыя комікі заводзяць свае гумарыстычныя падкасты асобна ад канцэртнай дзейнасці. Напрыклад, вядомы амерыканскім стэндапер Джо Роган вядзе ўласны падкаст, куды запрашае вельмі розных гасцей. Музыкі, прадпрымальні_цы, артыст_кі, пісьменні_цы, маста_чкі, навукоўцы і падкастэр_кі завітваюць да Рогана, каб паразмаўляць з ім пра сваё прафесійнае жыццё, абмеркаваць апошнія навіны, пажартаваць і адказаць на правакацыйныя пытанні коміка. Гэты падкаст – сапраўдны гукарэжысёрскі шэдэўр, бо ўдзельні_цы запісу вельмі шмат смяюцца, але моцных выбухных гукаў, праз якія запіс было б непрыемна слухаць, няма. Дарэчы, гэта сапраўды тое, пра што варта падумаць чалавеку, які запісвае гумарыстычны падкаст. Калі ў вашым падкасце шмат смяюцца, трэба паклапаціцца пра вушы вашай аўдыторыі і, адпаведна, пра гук.
Аднак неабавязкова быць прафесійным комікам, каб запісваць свой гумарыстычны падкаст. Напрыклад, вядоўцы польскага падкаста Bulwar Podlaski – два простыя хлопцы-летуценнікі, як яны самі пра сябе кажуць. Аднак гэта не перашкаджае ім запісваць свой падкаст, дзе яны абмяркоўваюць апошнія навіны (тым часам апошнія навіны ў Польшчы не нашмат больш вясёлыя, чым у рэгіёне ўвогуле), пажартаваць з іх і пазбавіцца ад стрэсу праз гумар. Дарэчы, калі вы дастаткова паглыбленыя ў польскі палітычны кантэкст і вам цікава, што думаюць «простыя палякі і полькі» – варта паслухаць менавіта гэты падкаст і ад душы пасмяяцца.
Дарэчы, у беларускай прасторы дастаткова разнастайных шоу, якія абмяркоўваюць навіны. Аднак пакуль яшчэ ніхто не робіць гэтага ў фармаце гумарыстычнага падкаста. Магчыма, калі чорны гумар – гэта ваш спосаб даваць сабе рады з навінамі, варта падумаць пра тое, каб пачаць запісваць пра гэта гумарыстычны падкаст.
Бацькоўства і выхаванне дзяцей
У беларускай медыяпрасторы заўсёды быў (хоць і не ў вялізарнай колькасці) кантэнт для дзяцей: успомнім прынамсі легендарную «Калыханку». Зараз маленькія беларусы і беларускі могуць паслухаць аўдыякнігі ў «Кніжным возе». Зразумела, для дзяцей – гэта вельмі няшмат, але кантэнту для бацькоў няма ўвогуле.
У 2021-2022 годзе выходзіў падкаст «Кто твой папочка» («Хто твой татачка»), дзе два маладыя таты абмяркоўвалі свой досвед бацькоўства.
https://www.youtube.com/watch?v=gZht7kSknMU&list=PLgNWUxnXp-UmIj5EVRZINsbUe21U9R7pq&index=3
Аналагічнага падкаста, які б рабілі маладыя маці, у нас пакуль няма. Таксама як няма аніякага падкаста дзіцяча_й псіх_алагіні ці педыят_аркі, якія б маглі падзяліцца прафесійнымі ведамі, адказаць на частыя пытанні бацькоў і падтрымаць тых, каму раптам падаецца, што яны недастаткова робяць для сваіх дзяцей.
У англамоўным падкасце Mom hour («Маміна гадзіна») Меган і Сара – дзве вясёлыя жанчыны, якія, як самі кажуць, маюць восем дзяцей на дваіх, кожны тыдзень адказваюць на пытанні сваіх слухачак. Яны не лічаць сябе эксперткамі, але лічаць даволі дасведчанымі, каб дзяліцца рэлевантным досведам. Напрыклад, нядаўна ў падкасце выйшаў выпуск пра вяртанне ў школу пасля канікул. Разам Меган і Сара разважалі, якія выклікі яны маюць кожны год перад пачаткам заняткаў, як падтрымаць сваіх дзяцей на пачатку новага навучальнага года і як зрабіць так, каб дзеці адышлі ад вакацыйнага рэжыму і заняліся вучобай. Ад падкаста няма адчування, што больш дасведчаныя жанчыны навучаюць слухачак, як жыць. Гэта менавіта абмен досведам паміж сяброўкамі.
Зусім іншы падкаст для бацькоў – Holding Space. У гэтым падкасце з вельмі цёплай і прыемнай атмасферай спецыялістка па ментальным здароўі маці Кэсідзі Фрэйтас разам са сваімі каляжанкамі разважае на тэмы, якія датычацца псіхалагічных выклікаў бацькоў.
Напрыклад, бацькоўскі перфекцыянізм. Чаму ёсць імкненне быць ідэальнай маці і што рабіць, калі гэта не атрымліваецца? Адкуль бярэцца страх пакінуць дзіцёнка родным ці няні хоць на секунду і як яго пераадолець? Як выглядае пасляродавая дэпрэсія і чым яна адрозніваецца ад простай стомы?
Хаця доктар Касідзі Фрэйстас абмяркоўвае ўніверсальныя пытанні, якія могуць узнікнуць у маці па ўсім свеце, шкада, што няма аналагічнага падкаста на беларускім матэрыяле. Беларускія маці (асабліва маці ў эміграцыі) сутыкаюцца з вялікай колькасцю праблем, якія спецыфічныя для нашага траўматычнага досведу. Пэўна, падкаст, дзе псіх_алагіня ці псіхатэрапеўт_ка дава_ла б рэкамендацыі, як тлумачыць дзецям складаныя навіны, дапамагаць з пражываннем траўмы пераезду і расстання з блізкімі, як у той жа момант клапаціцца пра сябе і знаходзіць падтрымку, не пашкодзіў бы беларус_кам.
Не толькі тэмы, але і фарматы
Паколькі тэм для падкастаў – неймаверная колькасць, можна доўга пералічваць, якія падкасты можна прыдумаць для беларускай медыяпрасторы. Аднак праблема яшчэ і ў тым, што беларускія падкасты не могуць пахваліцца разнастайнасцю фарматаў.
Большасць з падкастаў, якія мы слухаем – размоўныя падкасты. Да размоўных падкастаў адносяцца і прафесійнае журналісцкае інтэрв’ю і простая сяброўская размова. Ёсць некаторая колькасць наратыўных падкастаў, дзе вядоўца або вядоўцы распавядаюць гісторыі. Гэта могуць быць літаральна гісторыі з іх жыцця, як у падкасце «Чалавек з Каменнай горкі», або справаздача прачытаных кніг і літаратурных навін, як у падкасце «Белліт». Ёсць і больш складаныя ў вытворчасці падкасты, дзе аўтар_кам даводзіцца карпатліва працаваць над сцэнаром, браць інтэрв’ю ў некалькіх людзей, запісваць уласныя каментары і доўга ўсё мантаваць, каб стварыць адзіны прыгожы наратыўны выпуск. Менавіта так выглядае напрыклад падкаст «Вясна прыйдзе» ад праваабарончага цэнтра «Вясна».
Аднак вялікіх складаных падкастаў, дзе адзіны наратыў праходзіў бы праз усе выпускі, пакуль вельмі няшмат. Адзін з іх – падкаст Кацярыны Розінай «Што ты тут забыў», дзе гісторыя пра Халакост і траўму пакаленняў паступова развіваецца з выпуску ў выпуск. Такі фармат – сапраўды складаны ў вытворчасці і вымагае шмат рэсурсаў.
У фармаце доўгіх наратыўных падкастаў звычайна бываюць рэаліці-шоу. Напрыклад, падкаст Startup вядомай студыі Gimlet – менавіта такое рэаліці-шоу. Калі заснавальнік студыі Алекс Блумберг распачынаў свой бізнес – студыю падкастаў Gimlet – ён пачаў запісваць усё, што адбывалася вакол яго. Ён запісваў размовы са сваёй жонкай, пітчынг інвестару, працэс дамоўленасці з бізнес-партнёрамі, і так у выніку нарадзіўся першы сезон падкаста Startup. Калі падзеі разварочваюцца амаль у жывым эфіры, цяжка перастаць слухаць выпуск з выпускам.
Таксама фармат наратыўнага падкаста як найлепей пасуе навукова-папулярным падкастам. Каб раскрыць нейкую складаную навуковую тэму звычайна бракуе простай размовы з эксперт_кай. Патрэбна знайсці яшчэ вялікую колькасць дадатковых ілюстратыўных матэрыялаў, атрымаць некалькі пунктаў гледжання на адну і тую ж з’яву і ўставіць гукі дзікай прыроды на фон.
Менавіта так выглядае, напрыклад падкаст Radiolab, стваральні_цы якога ў форме журналісцкіх расследаванняў атрымліваюць адказы на складаныя пытанні з галіны натуральнай навукі. Робяць яны ўсё гэта пад аўтарскую музыку і з адмысловым саўнддызайнам.
Для тых, хто хоча зрабіць свой падкаст
Вельмі радасна, калі з’яўляюцца новыя беларускія падкасты, калі творцы спрабуюць новыя фарматы і новыя тэмы. Беларускі рынак падкастынгу (які ўвогуле складана называць рынкам у эканамічным разуменні) усё яшчэ даволі пусты. Таму калі ў вас раптам з’явілася ідэя падняць нейкую тэму праз падкасты, то можаце быць упэўнены – вы будзеце аднымі з першых, хто асвятляе гэтую тэму для Беларусі.
Text by Дар'я Гардзейчык