Большасць беларускіх падкастаў – гэта размоўныя падкасты. То-бок такія, дзе людзі размаўляюць адно з адным: ці проста гутараць на роўных, ці размова вядзецца ў фармаце інтэрв’ю. Аднак некаторая частка беларускіх падкастаў – гэта такія, дзе людзі распавядаюць гісторыі, то-бок наратыўныя падкасты. Вядома, у наратыўных падкастах таксама знойдзецца месца для размоў, але гэта хутчэй будуць невялічкія ўстаўныя фрагменты, каб праілюстраваць думку аўтара. Разам з тымі ілюстратыўнымі размовамі ў такіх падкастаў слухач_ак напаткае складаны саўнддызайн з музычнымі ўстаўкамі і гукамі прыроды. Усё дзеля таго, каб распавесці гісторыю як мага больш вобразна. Прапануем вам падборку беларускіх падкастаў, аўтар_кі якіх выдатна валодаюць мастацтвам будаваць наратыў і расказваць цікавыя гісторыі.
Байкі ля вогнішча
Гістарычна-археалагічны падкаст, заснаваны на мемуарных «нататках» і запісах беларускіх археолагаў і археалагінь.
Стваральніцы археалагічна-асветніцкага праекта «Крывіцкі край» у пэўны момант запусцілі гэты падкаст, каб знаёміць усіх цікаўных з успамінамі археалаг_інь, якія даследавалі Беларусь. Першыя выпускі прысвечаны міжваеннаму перыяду – часу, у які археалагічная навука стала на навуковыя рэйкі. У будучых выпусках, як анансуюць стваральніцы «Крывіцкага краю», будуць «байкі» ужо пра другую палову 20 стагоддзя.
Зараз апублікаваны 4 выпускі. «Нататкі» і запісы археолагаў 1920-1930-х гадоў па спецыфіцы мовы і апісанням навакольнай рэчаіснасці нагадваюць творы беларускіх празаікаў, праз іх бачны «зрэз эпохі». У гэтым і ёсць адна з іх наймацнейшых каштоўнасцей: запісы археолагаў паказваюць, што літаратары нічога не выдумалі, і жыццё ў БССР выглядала менавіта так, як у раманах. Больш за тое, прыгоды маладых студэнтаў на балотах Палесся з выпускаў пра гісторыка Мікалая Улашчыка або ўражанні Іны Рытар ад сваіх сяброў і археолагаў, якія працуюць з ёй побач на раскопках, не саступаюць аніякаму мастацкаму твору.
Успаміны ў падкасце павольна зачытваюцца пад гукі вогнішча, багны, лесу, таму падчас праслухоўвання сапраўды ўзнікае адчуванне ўтульнай размовы ля вогнішча – гэта менавіта самы цудоўны час на раскопках, калі праца зроблена і ўвечары ўсе збіраюцца ў адным месцы, каб паесці і паслухаць «байкі» дасведчаных археолагаў і валанцёраў.
Як сказала аўтарка падкаста «Так склалася гістарычна» Ганна Дзягель, самастойна складана вырашыць чытаць успаміны беларускіх археолагаў. Аднак, калі гэта ўжо зрабілі за вас, гэта вельмі цікавая і пазнавальная інфармацыя.
Беларускія байкі
Яшчэ адны байкі, але не тыя, што расказваюць сябр_оўкі ля вогнішча, а тыя, што распавядае дзядуля ўнучцы. У гэтым выпадку аўтар падкаста Аляксандр Калбаска расказвае цікавосткі з беларускай гісторыі сваёй унучцы і разам з тым – усім, хто жадае паслухаць.
Аляксандр Калбаска – кандыдат гістарычных навук, спецыяліст па музеалогіі. Аднак спадара Аляксандра цікавяць самыя розныя эпізоды з беларускай гісторыі. Утварэнне Віленскага Беларускага музея, вандроўка ў Зарэчча, біяграфія Францыска Скарыны, міфалогія беларускіх балот і нават аўтапрыгоды самога Аляксандра Калбаскі – усё гэта становіцца тэмамі эпізодаў «Беларускіх баек».
Згодна з назвай падкаста, усё, што распавядае спадар Аляксандр – менавіта байкі, а не нудныя лекцыі выкладчыка ўніверсітэта. Таму калі вы шукаеце нешта забаўляльнае, цікавае і пры гэтым звязанае з Беларуссю, рэкамендуем вам уключыць любы выпуск «Беларускіх баек» і атрымаць асалоду ад таго, наколькі зразумелымі становяцца некаторыя зусім не простыя аспекты беларускай гісторыі, калі іх распавядае дзядуля ўнучцы.
Кава з цукрам
Першы беларускамоўны падкаст пра нутрыцыялогію, які змагаецца з міфамі аб здаровым харчаванні. Аўтарка падкаста Ганна Бароўская – журналістка і спецыялістка па нутрыцыялогіі, якая ў сваёй працы прытрымліваецца падыходаў доказнай медыцыны. Спадарыня Ганна ў падкасце развенчвае міфы пра харчаванне, якія намёртва ўсталяваліся ў нашай свядомасці і якія кожны дзень падмацоўваюць блогер_кі ў інстаграме, псеўдадыетолагі ў інтэрв’ю і нават нашыя блізкія, калі імкнуцца прасунуць свае ўяўленні пра здаровы лад жыцця.
У падкасце Ганна Бароўская заклікае ўсіх да крытычнага мыслення і скептычнага стаўлення нават да таго, што раяць аўтарытэтныя сусветныя арганізацыі. Таксама спадарыня Ганна разбурае папулярныя міфы пра харчаванне, пазбаўляе ад страху перад цукрам і бароніць халестэрын, які мы прызвычаіліся вінаваціць у інфарктах.
Калі ў вас даўно былі пэўныя пытанні да таго, што рэкамендуюць спецыяліст_кі па дыяталогіі і нутрыцыялогіі, а ў парадах па здаровым харчаванні вы бачыце шмат спрэчнага, шчыра запрашаем паслухаць падкаст Ганны Бароўскай. Нагадаем толькі, што сапраўды варта заставацца крытычнымі і слепа прымаць на веру не варта нават словы самой спадарыні Ганны.
Што ты тут забыў
Гістарычны падкаст псіхалагіні Кацярыны Розінай пра трансгенерацыйную траўму. У падкасце спадарыня Кацярына аналізуе гісторыі людзей, якія прайшлі праз Халакост і сталінскія рэпрэсіі, і тое, як перажыты досвед адбіўся на іх жыцці, перакананнях і страхах. Людзі, якія перажылі цяжкія страшныя траўматычныя падзеі перадавалі тыя самыя погляды на жыццё, якія сфармаваліся пад уплывам тых падзей, сваім нашчадкам. Так перадавалася траўма.
Гісторыі пра тое, як неабгрунтаваная трывожнасць за жыццё і здароўе сваіх блізкіх перадаецца з пакалення ў пакаленне з тых часоў, калі продкі прайшлі вайну ці канцэнтрацыйныя лагеры, прагучаць знаёма для многіх з нас. Як у асобных сем’ях, так і ў грамадстве ў шырокім сэнсе людзі калектыўна паўтараюць адныя і тыя ж сцэнары, пакуль не прапрацуюць траўмы мінулага.
Як пазначае Кацярына, варта прапрацоўваць тыя самыя калектыўныя траўмы, каб рухацца далей, а не цягнуць з пакалення ў пакаленне адныя і тыя патэрны, якія ўжо не маюць дачынення да рэчаіснасці. Першы крок да прапрацоўкі траўмы – яе ўсведамленне. Менавіта на гэта накіраваны падкаст «Што ты тут забыў», які дапамагае ў першую чаргу выявіць і заўважыць штосьці аднолькавае і пры гэтым паталагічнае, што ёсць у большасці з нас.
Кожны выпуск падкаста – гісторыя, пабудаваная па правілах драматургіі, і кожны наступны эпізод працягвае адзіную сюжэтную лінію. Так увесь першы сезон складае дакументальны аўдыясерыял пра калектыўную траўму Халакосту.
Падарожжы з Бартосікам
Падкаст, які ўзнік з перадачы журналіста «Радыё Свабода» Змітра Бартосіка. Больш за дзесяць год спадар Зміцер вандраваў па беларускіх вёсках і мястэчках, гутарыў з мясцовымі краязнаўцамі і старажыламі, збіраў цікавыя гісторыі, аглядаў старыя будынкі.
Кожны выпуск – аўдыядакументальны твор, дзе гістарычныя факты агучвае спадар Зміцер, а потым ілюструе іх размовамі з мясцовымі жыхар_камі. Ад гісторыі суразмоўцы журналіста пераходзяць да сучаснасці і тых праблем, якія хвалююць мястэчка ці вёску проста зараз.
Падарожжы спадара Змітра – гэта не проста дарожныя нататкі вандроўніка, але замалёўкі чалавека, які ў самай маленькай і непрыкметнай вёсцы знаходзіць сацыяльна-гістарычную драму. Так вандроўка ў Шчорсы, дзе знаходзіцца прыгожая сядзіба магнацкага роду Храптовічаў, з аповеда пра маляўнічыя мясціны ператвараецца ў гісторыю змагання заснавальніцы фонду «Шчорсы і Храптовічы» з выканкамам за магчымасць падступіцца да рэстаўрацыі палаца. Зусім па-іншаму гучыць гэта гісторыя зараз, калі фонд разам з іншымі беларускім НКА быў зліквідаваны.
Увогуле шмат новага можна пачуць у старых выпусках, дзе журналіст «Радыё Свабода» меў магчымасць вандраваць па Беларусі, рабіць перадачы з гістарычнымі фактамі, інтэрв’ю з мясцовымі жыхар_камі і аглядам на мясцовыя праблемы, якія, быццам кропелька вады, адлюстроўваюць праблемы ўсёй краіны.
Text by Дар'я Гардзейчык