Калі ты намагаешся спажываць больш кантэнта на беларускай мове, можам рэкамендаваць табе як мінімум 10 падкастаў, дзе роднае слова гучыць вельмі па-рознаму: недзе – вельмі літаратурна і прафесійна, дзесьці – жвавенька і за крок да трасянкі, а ў іншых – гэта нешта «на ціктокерскім», са слэнгам і моднымі англіцызмамі. Агулам беларускамоўныя падкасты на Беларускім Падкаст Хабе ты знойдзеш у каталозе, наладкаваўшы фільтр па мове.
«Цёмны лёс»
Падкаст у жанры інтэрв’ю шырока вядомага IT-блогера Аляксея Картынніка, які выступае ў медыях пад псеўданімам АйЦіБарада. Ютуб-канал «АйТиБорода» быў створаны ў 2018 годзе і ўжо пераадолеў планку ў 300 тысяч падпісчыкаў. Там блогер размаўляе з айцішнікамі пра іх жыццё. У межах падкаста «Цёмны лёс» (які таксама можна глядзець у відэафармаце на YouTube) Барада робіць амаль тое ж самае, але размова тут ідзе на беларускай мове і кола гасцей значна шырэйшае: напрыклад, у апошніх выпусках вядучы паразмаўляў з тэрапеўткай, якая працуе ў Польшчы, з падкастарам, які ўладкаваўся працаваць на цукерачную фабрыку, і – наша тэмка! – з падкаст-прадзюсарам BBC.
«Тэхнавука»
Журналіст Віталь Аляхновіч робіць па-беларуску падкаст пра тэхналогіі, навуку і космас. Шоу будзе цікавае ўсім, хто цікавіцца новымі тэхналогіямі, якія, магчыма, зменяць будучыню (а магчыма, і не зменяць, але зараз пра іх гамоняць паўсюль). Новыя айфоны і іншыя плафоны, чарговыя дзівацтвы Ілана Маска, узлёты і падзенні стартапаў, нейрасеткавыя прышпілы, медычныя цікавосткі, прагнозы на ядзерную зіму – усё тут. Аўтар падкасту апрацоўвае навіны, выказвае свае меркаванні па тэме і дае прастору для самастойнага разважання аб тым, куды нясецца свет.
«Праз космас»
Калі хочацца меней Ілана Маска і паболей космасу, то вось табе грунтоўны падкаст пра далёкія сусветы. У фокусе ўвагі вядучага – навіны пра космас, адкрыцці, свежыя публікацыі, развіццё касмічных праграм. З падкаста даведаешся пра двайнікоў Млечнага шляху, дзіўную атмасферу Юпіцера, самыя далёкія караблі ў Сонечнай сістэме, штучны інтэлект, які шукае выхад на іншапланетнікаў. Прапампуешся ў тэме як сапраўдн_ая суайчынні_ца Пятра Клімука і Уладзіміра Кавалёнка.
«Радыё Citydog»
Вядомы «гарадскі сабака» з нядаўніх часоў стаў агучваць некаторыя свае беларускамоўныя артыкулы. І не проста агучваць, а голасам актрысы Крысціны Дробыш – і гэта проста асалода для вушэй! Мэта праекта кропелька ў кропельку супадае з тэмай гэтага артыкула: «Дзякуючы такім аўдыятрэкам людзі, якія не вельмі добра размаўляюць па-беларуску, змогуць разумець родную мову лепш і ў выніку хутчэй яе вывучаць. Адкрываеце беларускамоўны тэкст, уключаеце аўдыя – чытаеце і слухаеце». Як і ў самім Citydog'у, так і ў іх падкастах можна знайсці тэмы на любы гатунак: ад жыццёвых гісторый эмігрантаў і бізнэсоўцаў да важных тэмаў, звязаных з узаемаадносінамі з бацькамі, беларускай адукацыяй і пагрозамі «русского мира».
«Белліт»
Першы беларускамоўны падкаст пра літаратуру. «Белліт» вядзе Наста Карнацкая – філалагіня, кніжная блогерка, папулярызатарка беларускіх тэкстаў. Сама Наста чытае так шмат, што спаборнічаць з ёй бессэнсоўна. Лепш паслухай падкаст, каб дадаць у свой спіс must read яшчэ колькі кніжак. З новых эпізодаў даведаешся не толькі пра навінкі (і старынкі) беларускай літаратуры, але і пра мастацкую літаратуру іншых краін, і пра нон-фікшан – выбарка вельмі шырокая. Спадабаецца – то падпішыся заадно і на «Кніжную шафу», гэты падкаст Наста вядзе с сувядучай, таксама Настай, з якой яны працуюць у адной кніжнай краме на Грушаўцы.
«Што ты тут забыў»
Псіхолаг, гештальт-тэрапеўт Кацярына Розіна стварае першы падкаст на беларускай мове пра трансгенерацыйную псіхалогію і пра тое, як учорашні дзень уплывае на дзень сённяшні і заўтрашні. «Найвялікшае вылячэнне – ведаць, хто ты», – Кацярына цытуе ў тызеры гуру з Ямайкі, а ў першым выпуску вядучая падкрэслівае, што сам падкаст – гэта своеасаблівая тэрапія для яе самой, бо праз яго яна спадзяецца адрэфлексаваць гісторыю ўласнай сям’і. Акрамя цікавых думак пра тое, як мы захоўваем і перадаем досвед праз пакаленні, падкаст «Што ты тут забыў» дае купу лінкаў на кнігі, якія варта пачытаць, і фільмы, якія варта паглядзець.
«Нататнік»
Natatnik.by – гэта сайт пра Берасце, а аднайменны падкаст круціцца вакол берасцейскіх тэмак, але не толькі. Напрыклад, тут можна паслухаць пра беларускія стравы і беларускія гастранамічныя прыбабахі, пра традыцыю малявання на шкле, пра вёскі, якія прыходзяць у заняпад і хутка пазбавяцца апошніх жыхароў. А калі цікавішся непасрэдна горадам над Бугам, то цябе будзе карысна паслухаць размовы з локаламі: намесніцай дырэктара Фонду развіцця Брэсцкай крэпасці, менеджаркай культурніцкіх праектаў Прасторы КХ, краязнаўцам, экскурсаводкай.
«Вандроўная пташка»
Падкаст пра культурніцкія з’явы, які пачынаўся эпізодам пра аднаўленне палаца Раздівілаў у Паланечцы. З іншых тэм: што такое генеалогія і з чаго належыць пачаць чалавеку, які зацікавіўся гісторыя роду; пра што распавядаюць магілы памерлых; пахавальныя традыцыі беларускай глыбінкі; з чаго складаецца традыцыйны беларускі строй, чым ён адрозніваецца ад рэгіёна да рэгіёна, дзе можна пашыць строй для сябе. Задумка падкаста – у тым, каб слухачы мелі магчымасць не толькі даведацца пра нейкі культурніцкі варушняк, але і да яго далучыцца.
«Забі зяпу»
Брэнд «Забі зяпу» ў інстаграме вядомы як старонка, дзе ў сакавітым дызайне прасоўваюць беларускую мову ў масы. Што датычыцца падкаста, то тут выпускнікі Ліцэя БДУ Даша і Ўладзь разважаюць на вольныя тэмы. Першы сезон складаецца з дзясятка выпускаў: пра асабістыя граніцы, эміграцыю, гіперапеку, талент, веру, праблемныя адносіны, пачуццё сораму і шмат што яшчэ. Цікава, што вядучыя перайшлі на беларускую мову непасрэдна падчас запісу падкаста, і слухачы могуць развіваць сваё валоданне родным паэтычным словам поплеч з гэтымі рабятамі.
«А я вам зараз раскажу!»
Нязмушаны размоўны падкаст для тых, хто любіць запоўніць асабісты эфір балбатнёй незнаёмак без канкрэтнай мэты і сцэнару. Дзве школьніцы – Даша і Вераніка – разважаюць пра ўсё, што іх цікавіць. Канешне, закранаюць тэму савецкіх звычак, якія адрозніваюць зумераў ад міленіалаў; тэму пошуку сяброў і агульнага ўспрымання сяброўства; тэму папулярнасці. Але сярод сезону могуць раптам паразважаць пра кнігу са школьнай праграмы – «Сэрца на далоні» Івана Шамякіна.
Text by Zamandarin