На абшарах Інтэрнэту шмат артыкулаў, відэа, кніг і дапаможнікаў аб тым, як стварыць свой падкаст. Некаторыя з іх канцэнтруюцца на самой ідэі падкаста і дапамагаюць выкрышталізоўваць канцэпты, што толькі нараджаюцца ў будучых падкастараў. На YouTube шматлікія гукарэжысёры распавядаюць, як працаваць у Reaper, ды адкрываюць патаемныя функцыі гэтай праграмы. Матэрыялу так шмат, што не вельмі зразумела, дзе шукаць патрэбны, і які менавіта матэрыял табе ўвогуле патрэбны на кожным этапе. Менавіта пра розныя этапы вытворчасці падкаста і карысныя рэсурсы для кожнага з іх, мы сёння і пагаворым.
Ідэя
Так бывае, што мы раптам запальна хочам заняцца нейкай творчасцю: пачаць весці асабісты блог, маляваць карціны або рабіць уласны падкаст. Матывацыі шмат, але дакладнага ўяўлення аб тым, якім менавіта мусіць быць гэты падкаст, можа не быць зусім. Больш за тое, ад часу да часу мы не можам нават акрэсліць тэму гэтага падкаста. Ці варта ў такіх варунках пачынаць запісвацца?
На жаль, калі ў нас няма дакладнага пункта, у які мы мусім патрапіць, і дакладнага плана, як да гэтага самага пункта дайсці, наўрад ці мы будзем паспяховымі на гэтым шляху. Падкасты без выразна акрэсленай тэмы і фармату проста пераўтвараюцца ў разважанні аб усім і не аб чым. У выніку, матывацыя аўтара падае, і падкаст заканчваецца, дажыўшы толькі да трэцяга выпуску.
Gimlet Academy
У 2020 годзе на Spotify з’явіўся падкаст Gimlet Academy. Gimlet – гэта амерыканская студыя падкастаў, якая зараз разраслася ў вялізную сетку. Прадукцыяй кампаніі зараз эксклюзіўна валодае Spotify.
Пачыналася кампанія як невялічкі стартап. Адзін з заснавальнікаў Gimlet – амерыканскі радыёжурналіст і прадзюсар Алекс Блумберг. Адначасова з заснаваннем студыі Блумберг распачаў падкаст у жанры рэаліці-шоў. Падкаст Start-up быў прысвечаны таму, як Блумберг з партнёрам запускаюць студыю і як студыя функцыянуе ўнутры.
Канцэпт мусіць фармулявацца ў адным кароткім і ёмістым сказе.
Падкаст быў завершаны ў 2020 годзе, і за гэтыя шэсць гадоў існавання Блумберг з калегамі назапасілі дастаткова ведаў і досведу, каб падзяліцца ім з калегамі-пачаткоўцамі. Менавіта так і з’явіўся пяцісерыйны падкаст-падручнік Gimlet Academy. На жаль, падкаст даступны толькі на Spotify і толькі на ангельскай мове.
У першым выпуску Алекс Блумберг распавядае менавіта пра тое, як сфармаваць шматлікія думкі ў ясны канцэпт. Як кажа Блумберг, такі канцэпт мусіць фармулявацца ў адным кароткім і ёмістым сказе. Пажадана, каб гэта быў не толькі адказ на пытанне «аб чым гэты падкаст?», але і на пытанне «і што?».
Напрыклад, вы вырашылі рабіць падкаст пра садаводства, але чаму гэта мусіць быць цікава? Што такога ў садаводстве? Магчыма, вы хочаце абвергнуць некаторыя стэрэатыпы, звязаныя з гэтым заняткам. Ці паказаць, якая прафесія садоўніка сацыяльна значная. Або прыцягнеце ўвагу да праблемы нізкай якасці садоў і паркаў у вашым горадзе. Так ці інакш, у падкасце мусіць быць нейкае падвойнае дно. Нешта, што чапляе слухачоў і дае ім такі досвед, які яны не маглі б атрымаць нідзе яшчэ.
Эрык Нюзам, «Пашумім» (Make Noise)
Тым жа пытаннем «Ну і што?» задаецца і заснавальнік студыі падкастаў Magnificent Noise і аўтар кнігі «Пашумім» (Make Noise) Эрык Нюзам. Кніга перакладзеная на расейскую мову.
У першых дзвюх раздзелах кнігі Нюзам распавядае пра прынцып дзесяці слоў, у якія мусіць укладацца і тэма вашага падкаста, і адказ на пытанне «і што?». Вядома, лічба ў дзесяць слоў – умоўная, але ідэя зразумела: канцэпт вашага падкаста мусіць быць акрэслены настолькі ёмка, наколькі гэта магчыма.
Навошта патрэбныя ўсе гэтыя гульні ў 10 слоў? Па-першае, гэта будзе наша пуцяводная зорка. Калі мы не ўпэўнены, ці варта нешта ўключаць у падкаст, рабіць эпізод на канкрэтную тэму ці запрашаць канкрэтнага госця – мы можам зверыцца з нашым «пітчам» у 10 слоў. Супадае? Можна браць. Па-другое, гэта важная рэч для прыцягнення слухачоў. Праз такі пітч мы разумеем, хто наша аўдыторыя, дзе яе шукаць і, галоўнае, што мусіць яе прывабіць.
Важная заўвага: Нюзам лічыць, што адказ на пытанне «і што?» не патрэбны нішаваму падкасту. Напрыклад, калі мы робім спецыялізаваны падкаст для калекцыянераў парцалянавых статуэтак. Адказам на пытанне «і што?» задаюцца масавыя слухачы, вакол якіх настолькі шмат разнастайнай інфармацыі, што ім патрэбна нешта надзвычайнае, каб звярнуць увагу менавіта на наш прадукт. Падкасты, разлічаныя на вузкую аўдыторыю, проста сваім існаваннем даюць тую самую ўнікальную прапанову: ніхто акрамя нас не распавядае пра парцалянавыя статуэткі.
Інтэрв’ю
Як браць інтэрв’ю для падкаста – пытанне актуальнае нават для людзей, якія маюць вялізны досвед у журналістыцы. Чаму?
Тэкставае інтэрв’ю і аўдыяінтэрв’ю – два зусім розныя жанры. У тэкставым інтэрв’ю журналісты маюць прывілей лёгка і незаўважна перастаўляць фрагменты месцамі; перапісваць тое, што кажуць госці сваімі словамі; і нават (не рабіце так!) прыводзіць як цытату тое, што госці падчас інтэрв’ю не казалі.
У падкасце ўсё гэта зрабіць нашмат больш складана. Асабліва складана давядзецца тым, каму пашчасціла сутыкнуцца з вельмі ўнікальным экспертам, які, нягледзячы на сваю ўнікальнасць, мае благую дыкцыю, дрэнна фармулюе думкі і ўжывае шмат слоў-паразітаў. У артыкуле гаворку такіх экспертаў пераўтварыць у файны тэкст вельмі проста, у падкасце – прынамсі, вельмі складана, калі ўвогуле магчыма.
Тэкставае інтэрв’ю і аўдыяінтэрв’ю – два зусім розныя жанры.
Дзе знаходзіць людзей, якія прафесіяналы ў сваёй сферы і пры гэтым умеюць файна размаўляць? Як запытацца так, каб эксперты раскрывалі тэму максімальна шырока?
Як знайсці экспертаў?
На гэтыя пытанні адказвае ўсё той жа Алекс Блумберг у другім і трэцім выпусках падкаста Gimlet Academy. Блумберг раіць пашукаць прафесійную суполку экспертаў у тэме, на якую вы робіце чарговы выпуск. Потым можна звярнуцца да лідара суполкі, і ён ці яна змогуць падказаць вам цэлы шэраг экспертаў.
Фота Sigmund з Unsplash
Напрыклад, мы робім падкаст пра ўрбаністыку ў Беларусі і шукаем экспертаў, якія б нам маглі ў першым выпуску патлумачыць, што гэта ўласна такое – урбаністыка. Гуглім «урбаністы Беларусь». На трэцяй укладцы знаходзім згадку пра Менскую ўрбаністычную платформу. Цяпер знаходзім адрас іх электроннай пошты на сайце і пішам ветлівы ліст з просьбай падказаць, хто б мог прыйсці да нас у выпуск. Менская ўрбаністычная платформа дасылае нам спіс экспертаў і экспертак. Да каго ж звярнуцца?
Тут на дапамогу зноў прыходзіць гугл. Па чарзе ўбіваем прозвішчы кожнага і кожнай са спісу, глядзім відэа з іх удзелам або слухаем падкасты і запісы эфіраў на радыё. Нам патрэбна вызначыць найбольш харызматычнага чалавека з самай прывабнай гаворкай. Цяпер можна напісаць яму ці ёй ліст з запрашэннем у падкаст. Атрымалі адмову? Нічога, у нас застаўся яшчэ цэлы спіс урбаністаў. Абіраем з тых, хто застаўся.
Застаецца толькі пагаварыць з нашай харызматычнай асобай так, каб атрымаць файны запіс. Як гэта зрабіць?
Як весці інтэрв'ю?
Эрык Нюзам у чацвёртым раздзеле «Пашумім» распавядае, як задаваць пытанні, каб «прымусіць» гасцей распавядаць нешта цікавае. Нюзам лічыць, што найлепшыя якасці для журналіста ці журналісткі – гэта цікаўнасць і ўменне слухаць. Не варта задаваць пытанні, на якія вы дакладна ведаеце адказ. Па-першае, верагодна, гэта такое банальнае пытанне, што адказ на яго вядомы і ўсім слухачам. Па-другое, якія б у вас не былі акторскія навыкі, наўрад ці вы дасце рады сыграць сапраўдную цікаўнасць. Прытворства звычайна счытвае і чалавек, які дае інтэрв’ю, і вашая аўдыторыя.
Вядоўца падкаста мусіць быць такім недасведчаным слухачом, які прамаўляе наіўныя пытанні ўслых.
Пад уменнем слухаць Нюзам разумее слуханне з бачным інтарэсам. Пры гэтым не трэба перабіваць госця. Вы ніколі не ведаеце, калі чалавек у сваіх разважаннях дойдзе да той самай геніяльнай думкі, якая зробіць увесь выпуск вартым увагі. Да таго ж, чалавек, які пакрыўдзіцца, што яго перабілі, можа пачаць імкнуцца да таго, каб скараціць сваю гаворку: хутчэй прамовіць усё самае важнае, пакуль вы яго зноў не перарвалі. Таму варта даваць гасцям магчымасць выказацца, але не варта і баяцца пытанняў для ўдакладнення.
«Урбаністы займаюцца рознымі пытаннямі, звязанымі з горадам» – кажа госць і замаўкае.
«Якія менавіта гэта пытанні?» – думае недасведчаны слухач.
Фота Kenny Eliason з Unsplash
Вядоўца падкаста мусіць быць такім недасведчаным слухачом, які прамаўляе такія наіўныя пытанні ўслых. Нюзам раіць кожны раз, калі эксперты кажуць «розныя», «усе», «усякія», прасіць прывесці прыклады. Тады і вы разам са слухачамі глыбей разберацеся ў пытанні і гісторыя заззяе новымі колерамі.
«Я прыехаў у Менск і, перш чым паступіць на архітэктара, падпрацоўваў там-сям». Там-сям – гэта дзе: у кавярні, на рынку, на будаўніцтве? Можа быць, наш герой быў кур’ерам і, пакуль ездзіў па горадзе, разглядаў дамы, у думках перабудоўваючы іх па свайму густу. Можа падпрацоўваў сторажам, і па начах чытаў падручнікі, рыхтуючыся да экзаменаў. Тое, дзе працаваў герой да паступлення, можа моцна адбіцца на ўсёй нашай гісторыі. Калі ж насамрэч пад «там-сям» не хаваецца нічога цікавага, вы проста выражаце гэта фрагмент.
Гісторыя
Алекс Блумберг у трэцім выпуску падкаста Gimlet Academy слушна сцвярджае, што паслядоўнасць падзей – гэта яшчэ не гісторыя.
Чым адрозніваюцца навіны ад рэпартажаў? Звычайна аб’ёмам, але не толькі. Навіна распавядае толькі пра факт: у горадзе N учора ўвечары адбыўся пажар у прыватным доме. Быццам бы ёсць падзея і нават абставіны, але няма гісторыі. Чаму загарэўся гэты дом? Хто яго ўладальнікі? Што гэта значыць для іх? Што гэта значыць для ўсяго горада? Якія наступствы ў гэтага пажару? Калі мы адкажам на ўсе гэтыя пытанні навіна пераўтворыцца ў гісторыю.
Якасныя рэпартажы звычайна не толькі распавядаюць цікавую гісторыю, але і паказваюць, кантэкст. Напрыклад, пажары ў нашым умоўным горадзе – частая з’ява, бо там прынята курыць у ложку, а мясцовы аддзел МНС не робіць аніякіх захадаў, каб патлумачыць, што гэта небяспечна. Навіна становіцца часткай нейкай вялікай сацыяльнай з’явы.
Паслядоўнасць падзей – гэта яшчэ не гісторыя.
Эрык Нюзам прыводзіць прыклад Айра Гласа – аднаго з аўтара культавага падкаста This American Life. Згодна з назвай, гэта падкаст пра амерыканскае жыццё, незвычайных людзей і важныя падзеі ў гэтым жыцці. Аднак, гэта не проста навіны – гэта менавіта гісторыі.
Айра Глас пільна рыхтуецца да запісу. Калі прадзюсары прыносяць ідэю, Айра вывучае ўсё, што магчыма вывучыць наконт тэмы. Потым ён прапісвае для сябе план з ключавымі падзеямі, без якіх гісторыя не складзецца. Затым Айра размаўляе з усімі дзеючымі асобамі і... перапісвае сцэнар.
Як бы файна мы не былі падрыхтаваныя да запісу, звычайна ў размовах з людзьмі выплываюць новыя факты, пра якія яшчэ ніхто не распавядаў. Але менавіта гэтыя факты пераварочваюць гісторыю дагары нагамі, і ўвесь першапачатковы план даводзіцца перарабляць.
Фота Super Snapper з Unsplash
План – нішто, планаванне – усё. Сапраўды, бывае, што сцэнар, які мы падрыхтавалі для размовы, не пасуе ўвогуле. Тады мы слухаем атрыманы запіс, адзначаем самыя цікавыя фрагменты і перапісваем першапачатковы сцэнар, дадаём тыя самыя фрагменты, што падаюцца нам яскравымі, і дадаём тэкст, праз які мы будзем звязваць гэтыя фрагменты ў адзіны наратыў. Вуаля, файная гісторыя гатова.
Лайфхак ад Айры Гласа: калі чытаеце ўсю магчымую інфармацыю на вашу тэму, у вас абавязкова будуць узнікаць некаторыя пытанні, нешта вы не зразумееце. Не саромейцеся: запішыце гэтыя пытанні. Цалкам верагодна, што з іх потым складзецца будучы сцэнар.
Апрацоўка
На гэтым моманце мы вымушаны перайсці з агляду амерыканскага кантэнту на агляд расейскага.
Працэс апрацоўкі фінальнага запісу мы можам умоўна падзяліць на рэдактарскі і гукарэжысёрскі мантаж.
Рэдактар працуе са сцэнаром. Ён ці яна вырашаюць, якія фрагменты пакінуць, якія прыбраць. То-бок рэдактар працуе са сцэнарным напаўненнем. Пра тое, як рэдактары працуюць у праграме Reaper, файна распавяла прадзюсарка студыі «Либо-либо» Юлія Якаўлева.
Не мае сэнсу пераказваць трыццаціхвіліннае відэа словамі, аднак важна згадаць, што Юлія паказвае менавіта лайфхакі для рэдактараў: як наладзіць інтэрфэйс пад сябе; як стварыць каманды, якія будуць дапамагаць хутка і зручна выдаляць непатрэбныя фрагменты; як вызначаць асобныя фрагменты рознымі колерамі і дадаваць маркеры (а ў Reaper магчыма і гэта).
У відэа спадарыні Юліі аднак няма парад для гукарэжысёраў. Як палепшыць якасць гуку, распавёў Кірыл Вінніцкі на канале «Падкасталогія». Тры відэа даступна паказваюць навічкам, якія Reaper мае інструменты для гукарэжысёраў, як зрабіць гук больш прыемным, і нават як зрабіць запіс праз Skype або Zoom.
Асобна каманда Belarus Podcast Hub раіць пазнаёміцца з рашэннем для Reaper, якое называецца Ultraschall. Гэта адмысловая надбудова з адкрытым кодам ад нямецкіх падкастараў, якая настройвае Reaper спецыяльна пад падкастынг. Фіча дасяжная на сайце Ultraschall.fm, там жа і англамоўныя туторыялы па выкарыстанню.
Што паслухаць, каб навучыцца рабіць класныя падкасты
Паслухаць можна... усё. Калі вы слухаеце падкасты прафесійных студый (не мае значэнне на якой мове), паспрабуйце адзначыць для сябе, што менавіта вас чапляе ў гэтых падкастах. Звярніце ўвагу, у які момант пачынае граць музыка, а ў які – заціхае. Якія яшчэ гукі ёсць у падкасце акрамя ўласна галасоў тых, хто размаўляе? Колькі па часе вядоўцы абмяркоўваюць адну тэму? Якія моманты вас нудзяць, а якія прымушаюць сканцэнтраваць увагу?
СММ-спецыялісты ўжываюць панятак «нагледжанасць» – ваш досвед у сацыяльных сетках, які паказвае, наколькі шмат разнастайнага вы пабачылі. Элементы таго, што вы пабачылі, вы пачынаеце ўжываць і сваёй працы, нават не ўсведамляючы. Так жа працуе і з падкастамі: чым больш вы «наслухалі», тым якасней вы зможаце зрабіць уласны падкаст.
Фота Dollar Gill з Unsplash
Таксама раім пазнаёміцца з нашымі наступнымі матэрыяламі:
Text by Дар'я Гардзейчык